Рус Бел Eng

Бухавецкая Аксана Мікалаеўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры першай катэгорыі Дзяржаўнай установы “Сярэдняя школа № 109 г. Мінска”. Нарадзілася 12 кастрычніка 1983 года ў горадзе Светлагорску Гомельскай вобласці. У 2001 годзе скончыла Светлагорскую агульнаадукацыйную школу і паступіла ў БДПУ імя Максіма Танка на факультэт “Беларуская філалогія і культура”. У 2007 годзе, атрымаўшы дыплом, пайшла працаваць у сярэднюю школу № 154. А ўжо з 2011года працую ў 109 школе. Член пярвічнай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

Чаму я стала настаўнікам? Як гэта здарылася? Зразумела, не адразу. Усё прыходзіла паступова: уменне, вопыт, захопленасць сваім прадметам і ўпэўненасць, што гэта мая справа. Думалася, што вось я прыйду, і ўсе мае вучні будуць ведаць на “10”. Хай толькі паспрабуюць чаго-небудзь не ведаць або не вывучыць. Прычым вынікі хацелася атрымаць адразу. Спрабавала пераймаць калег, імкнулася ахапіць увесь матэрыял, і хвалявалася , калі гэта не атрымоўвалася. Думала, што галоўнае – засвоіць манеру трымацца, выпрцаваць камандны, патрабавальны голас, і нават утварыць стройную сістэму ўрокаў, і тады ўсё атрымаецца. Як я памылялася!

Зараз я разумею, што перадаць усе веды вучням проста немагчыма.

Вызначыла для сябе мэту – навучыць дзяцей думаць, знаходзіць патрэбную інфармацыю і самастойна прымаць рашэнні; утвараць умовы для раскрыцця патэнцыялу вучняў.

На сёняшні дзень мы з вучнямі ўдзельнічаем у розных творчых конкурсах, пішам практычныя канферэнцыі, займаемся даследчай работай. І я бачу, што ім гэта падабаецца. Значыць, мы працуем у правільным накірунку.

Я люблю дзяцей! Для мяне кожнае дзіця – асоба, непўторная, унікальная, думаючая.

Таму, магчыма, я яшчэ і шматдзетная маці.У мяне трое цудоўных дзяцей: сын Аляксей і дзве дачкі Ганна і Вікторыя. Старэйшыя дзеці наведваюць спартыўныя секцыі, займаюцца ў музычных гуртках. І, зразумела, каханы муж, які, працуючы звычайным слесарам на Мінскім маторным заводзе, з’яўляецца майстрам сваёй справы. Яму было прысвоена званне “Лепшага працаўніка завода”, яго фотаздымак займае пачэснае месца на Дошцы гонару завода. Я іх вельмі люблю!

Нягледзячы на тое, што прафесія настаўніка патрабуе ад мяне шмат часу, я ўсё роўна знаходжу час, каб правесці яго з маімі любімымі дзеткамі і мужам. Разам мы наведваем розныя мерапрыемствы, ходзім у заапарк, у невялічкія паходы, любім падарожнічаць. Мы з мужам маем актыўную грамадзянскую пазіцыю. Актыўна ўдзельнічаем у жыцці краіны, прымаючы ўдзел у акцыях “Белая Русь украшае Беларусь”, “Белая Русь – ветэранам”, у спартыўных мерапрыемствах па месцы працы, у конкурсе “Залатое пяро Белай Русі”.

Я шчаслівы чалавек: у мяне цудоўная работа, якая прыносіць мне асалоду і задавальненне; у мяне самая лепшая ў свеце сям’я, якая з’яўляецца для мяне крыніцай шчасця і радасці; у мяне выдатныя бацькі, якія з’яўляюцца маёй апорай.

Я ганаруся сваёй сям’ёй і сваёй краінай!